АЛАДАЎСКІЯ ЧЫТАННІ – 2026

АЛАДАЎСКІЯ ЧЫТАННІ – 2026
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь запрашае прыняць удзел у XXІV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «АЛАДАЎСКІЯ ЧЫТАННІ – 2026», прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння Мікалая Пракопавіча Міхалапа (1886–1979) – беларускага мастака-кераміста, першага дырэктара Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР.

Канферэнцыя адбудзецца 21 мая 2026 года па адрасе: г. Мінск, вул. Леніна, 20.

У рамках форуму плануецца абмеркаванне ў навуковым фармаце актуальных пытанняў мастацтвазнаўства, музеязнаўства, рэстаўрацыйнай справы, а таксама абмен прафесійным вопытам у сферы вывучэння, захавання і інтэрпрэтацыі мастацкай спадчыны.

Праблемнае поле канферэнцыі:

  • Музей і яго збор: праблемы фарміравання, вывучэння і інтэрпрэтацыі калекцый.
  • Роля М.П. Міхалапа ў арганізацыі збіральніцкай і навуковай дзейнасці Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР.
  • Мастацкая спадчына М.П. Міхалапа.
  • Актуальныя пытанні пошуку і рэстытуцыі культурных каштоўнасцей.
  • Атрыбуцыя і навуковыя даследаванні твораў мастацтва з музейных калекцый.
  • Сучаснае выяўленчае мастацтва: тэндэнцыі, кантэксты, інтэрпрэтацыі.
  • Практычны вопыт і гістарычная перспектыва рэстаўрацыі музейных прадметаў.
  • Сучасныя магчымасці музейнай камунікацыі.
  • Тэорыя і практыка музейнага менеджменту і маркетынгу.
  • Музейная педагогіка праз прызму сучасных методык і тэхналогій.
  • Музей як інклюзіўная культурная прастора.

Да ўдзелу запрашаюцца мастацтвазнаўцы, спецыялісты ў галіне музейнай справы, рэстаўратары, гісторыкі, культуролагі, а таксама прадстаўнікі сумежных дысцыплін, чые навуковыя інтарэсы суадносяцца з навуковым полем канферэнцыі.

  • Рэгламент канферэнцыі: пленарны даклад – да 20 хв., секцыйны – да 15 хв., выступленні і паведамленні ў дыскусіях – да 5 хв.
  • Мовы канферэнцыі: беларуская, руская.
  • Форма ўдзелу: вочная.

Удзел у канферэнцыі бясплатны, рэгістрацыйны ўнёсак не прадугледжаны. Праезд, пражыванне, харчаванне – за кошт удзельнікаў канферэнцыі.

Афіцыйнае персанальнае запрашэнне на канферэнцыю для афармлення камандзіроўкі дасылаецца па запыце.

Заяўку на ўдзел (па прыкладаемай форме) з пазнакай «Аладаўскія чытанні» неабходна даслаць на адрас электроннай пошты conference@artmuseum.by не пазней за 26 красавіка 2026 г.

Атрыманне заяўкі па электроннай пошце будзе пацверджана аргкамітэтам. У выпадку адсутнасці зваротнага ліста з паведамленнем аб прыняцці заяўкі да разгляду на працягу тыдня просім прадубліраваць заяўку на электронны адрас: conference@artmuseum.by.

Па выніках работы канферэнцыі плануецца выданне зборніка навуковых артыкулаў. Тэкст даклада прадастаўляецца па электроннай пошце conference@artmuseum.by не пазней за 21 чэрвеня 2026 г. Публікацыя адабраных матэрыялаў бясплатная. Тэкст артыкула павінен быць добра вывераны, набраны ў адпаведнасці з указанымі патрабаваннямі.

Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору матэрыялаў для публікацыі ў зборніку, а таксама іх рэдагавання. У зборнік уключаюцца арыгінальныя, раней неапублікаваныя артыкулы. Дасланыя матэрыялы не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца.

Патрабаванні да афармлення матэрыялаў канферэнцыі:

Аб’ём даклада – да 20 000 знакаў, набраных у тэкставым рэдактары MS Word (фармат .doc, .docx), шрыфт Times New Roman, 14 кегль, міжрадковы інтэрвал – 1,0, выраўноўванне – па шырыні старонкі без аўтаматычнага пераносу слоў. Палі: левае – 3 см, астатнія – 2 см; абзацны водступ – 1,25 см. Назва файла – прозвішча аўтара (напрыклад, Іваноў_артыкул.docx).

На першай старонцы справа ўказваюцца прозвішча і ініцыялы аўтара, у дужках – краіна, горад. Назва артыкула даецца праз радок вялікімі літарамі, выраўноўванне – па цэнтры, тлусты шрыфт. Асноўны тэкст размяшчаецца праз радок ад назвы.

Спіс выкарыстанай літаратуры (шрыфт Times New Roman, 12 кегль) у алфавітным парадку размяшчаецца праз радок пасля асноўнага тэксту і афармляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі ВАК РБ (https://vak.gov.by/bibliographicDescription). Спасылкі на літаратуру ў тэксце падаюцца ў квадратных дужках з указаннем нумара крыніцы па спісе і нумара старонкі (напрыклад: [5, с. 115]). Не дапускаецца ўключаць у спіс літаратуры крыніцы, на якія адсутнічаюць спасылкі ў тэксце артыкула.

Усе двукоссі ў тэксце – друкарскія «», унутры цытат – звычайныя “”. Выкарыстанне злучка замест працяжнік не дапускаецца.

У тэкст даклада могуць быць уключаны ілюстрацыі (фармат .jpg або .tif з пашырэннем не менш за 300 кропак на цалю). Ілюстрацыі павінны быць змешчаны ў тэксце, а таксама абавязкова прадубліраваны асобнымі файламі. Подпісы да ілюстрацый дасылаюцца асобным спісам. Агульны аб’ём графічных дадаткаў не больш за 7 файлаў.

Кожная табліца ці малюнак павінны быць згаданыя ў тэксце і мець назву (для табліц) ці подпіс (для малюнкаў). Нумарацыя даецца па парадку размяшчэння ў артыкуле. У тэксце ўказанне нумара малюнка або табліцы змяшчаецца ў круглых дужках – (мал. 1), (табл. 1).

Аргкамітэт пакідае за сабой права не ўключаць у зборнік матэрыялы, аформленыя з парушэннем патрабаванняў.

Малодшы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва
Мікалай Пракопавіч Міхалап
Падзеі
Ноч музеяў у Музеі беларускага народнага мастацтва
Ноч музеяў у Музеі беларускага народнага мастацтва

Музей беларускага народнага мастацтва

Роспіс велікодных яек "Пісанка"
Роспіс велікодных яек "Пісанка"

Музей беларускага народнага мастацтва

Батлеячны спектакль
Батлеячны спектакль

Музей беларускага народнага мастацтва

Майстар-клас "Кукла-мотанка"
Майстар-клас "Кукла-мотанка"

Музей беларускага народнага мастацтва