Творчасць Апалінарыя Фларыянавіча з'яўляецца своеасаблівым сувязным звяном паміж традыцыямі старых майстроў і сучаснай народнай драўлянай скульптурай.
Майстар нарадзіўся 12 лістапада 1893 года ў мястэчку Івянец, здаўна праслаўленым сваімі майстрамі: ганчарамі, ткачыхамі, чырванадрэўшчыкамі.
У пачатковы перыяд творчасці Апалінарыя Фларыянавіча яго скульптуры ўпрыгожвалі капліцы і крыжы, інтэр'еры храмаў і былі працягам векавых традыцый «разной справы», беларускай школы разьбы, «сялянскага барока».
Сведка жыцця народа ў дарэвалюцыйны час, далейшых змен, майстар стварае яркія вобразы, звяртаецца да народнай і свецкай тэматыкі, міфалагічных, антычных сюжэтаў. Карыятыды, рымскія воіны - майстар трансфармуе класічныя вобразы праз прызму стылістыкі народнага мастацтва.
У пасляваенны час усеагульнае прызнанне атрымалі скульптуры майстра на фальклорныя і літаратурныя сюжэты, жанравыя, лірычныя і гумарыстычныя работы.
Скульптуры Пупко адрозніваюцца ад творчасці іншых разьбяроў сваёй індывідуальнай манерай мастацкага выказвання. Яго працы - гэта жыццёвы шлях, светапогляд, востры і дапытлівы розум, добрае веданне жыцця і гісторыі народа.
Апалінарый Фларыянавіч пражыў 91 год. Ім былі створаныя сотні скульптур, карцін і малюнкаў. Ён выхаваў 3-х дачок і ператварыў свой дом, упрыгожаны па фасадзе фігурамі старажытных атлантаў, у сапраўды народны музей.
Творы народнага разьбяра сёння знаходзяцца не толькі ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры, яны займаюць ганаровае месца ў Расійскім этнаграфічным музеі ў Санкт-Пецярбургу, філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь "Музей беларускага народнага мастацтва" ў Раўбічах, Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне.
На выставе будуць прадстаўлены разьбяныя драўляныя скульптуры, створаныя ў другой палове ХХ стагоддзя, з фондаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея (г. Маладзечна) і фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Выстава працягнецца да 30 чэрвеня 2024 года.
Куратар выставы - малодшы навуковы супрацоўнік Бярозкіна Алена Аляксандраўна.